ВАРША́ЎСКІ ДАГАВО́Р 1955 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе паміж Албаніяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Германскай Дэмакратычнай Рэспублікай (ГДР), Польшчай, Румыніяй, Чэхаславакіяй і СССР, падпісаны 14.5.1955 у Варшаве на нарадзе кіраўнікоў урадаў еўрап. сацыяліст. краін. Набыў сілу 5.6.1955. Тэрмін дзеяння — 20 гадоў, у 1975 працягнуты на 10 гадоў, у 1985 на 20 гадоў. Аформіў ва ўмовах «халоднай вайны» ў процівагу Арганізацыі паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО) пасля ўступлення туды ФРГ (9.5.1955) Арг-цыю Варшаўскага дагавора (АВД) — ваен.-паліт. саюз сацыяліст. дзяржаў Еўропы на чале з СССР. Дагавор абавязваў бакі да кансультацый па ўсіх важных пытаннях міжнар. палітыкі, да ўзаемнай ваен. дапамогі ў выпадку ўзбр. нападу ў Еўропе на адну ці некалькі дзяржаў-удзельніц, да падпарадкавання ўзбр. сіл агульнаму камандаванню і інш. Вышэйшы паліг. кіраўнічы орган — Паліт. кансультатыўны к-т (ПКК) прадстаўнікоў урадаў, у 1976 створаны дапаможныя органы з рэзідэнцыяй у Маскве — Аб’яднаны сакратарыят і К-т міністраў замежных спраў (распрацоўваў рэкамендацыі па знешнепаліт. пытаннях). Ваен. кіраўніцтва ажыццяўляла Аб’яднанае камандаванне ўзбр. сіл з рэзідэнцыяй у Маскве; камандуючыя — І.С.Конеў (1955—60), А.А.Грэчка (1960—67), І.І.Якубоўскі (1967—76), В.Г.Кулікоў (1977—91). У 1969 створаны таксама Ваен. савет і К-т міністраў абароны. СССР заключыў дагаворы аб размяшчэнні сваіх войск з Польшчай (1956), ГДР (1957), Румыніяй (1957), Венгрыяй (1957) і Чэхаславакіяй (1968). Войскі краін-удзельніц Варшаўскага дагавора ўводзіліся з мэтай прадухілення змены дзярж. ладу ў Венгрыі (1956), Чэхаславакіі (1968, у адпаведнасці з т.зв. «дактрынай Брэжнева»). У 1968 з Варшаўскага дагавору афіцыйна выйшла Албанія (фактычна з 1962), пасля аб’яднання Германіі (1990) — ГДР. У 1987 прынята абарончая ваен. дактрына. Пасля паліт. змен 1989—90 у Цэнтр., Усх. і Паўд.-Усх. Еўропе ў лют. 1990 скасаваны ваен. органы АВД. 1.7.1991 у Празе прадстаўнікі Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, СССР і Чэхаславакіі падпісалі пратакол аб спыненні дзейнасці Варшаўскага дагавора 1955.
Літ.:
Варшавский Договор и НАТО: соотношение стл в Европе. М., 1989;
Варшавский Договор: история и современность. М., 1990.
У.Я.Калаткоў.
т. 4, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)